?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

"Адной з найбольш скандальных апазіцыйных акцый стала дэманстрацыя, арганізаваная БНФ 7 лістапада 1990 г. Як адзначалася ў інфармацыйным лісце пракуратуры рэспублікі ў ЦК КПБ, арганізатары і ўдзельнікі маніфестацыі парушылі яе графік, маршрут руху калоны, а напрыканцы акцыі прарвалі міліцэйскі ланцуг і нанеслі шкоду помніку Леніну на галоўнай плошчы сталіцы." (Крыніца)  — СССРаўскім уладам у Менску не спадабалася, значыць! :)

     7 лістапада спаўняецца 20 гадоў адной з найбуйнейшых дэманстрацыяў БНФ усіх часоў. Не знаходзячы цяпер дзёньнікавых запісаў аб падзеях таго дня (якія ў Vašaha Suziralnika дзесьці захаваліся), напішу, што зараз знайду ў памяці. 
           Падзея запомнілася ня толькі надзвычайнай колькасьцю, але і крэатыўнымі атрыбутамі: сярод якіх быў нп. гіпсавы чалавечы шкілет натуральных памераў, „разкрыжаваны“ на камуністычнай зорцы. І што тым разам БНФ пагнаў савецкую міліцыю(!)  

           ...Хоць мітынг быў дазволены, усе падыходы да цэнтру былі, як заўсёды, перагароджаны міліцэйскімі турнікетамі, аднак няхітрымі шляхамі праз двары Vašamu Suziralniku ўдалося прабрацца да месца збору. У натоўпе прадаваў самвыдат, таньнейшы беларускамоўны і даражэйшы маскоўскі. Але народ неяк раптам нахлынуў у вялікай колькасьці і зьявілася ўсьведамленьне, што тая колькасьць ужо нашмат большая, чым мабыць разьлічвалася. 
         Такое ўсьведамленьне мабыць зьявілася як у арганізатараў на чале зь Зянонам Пазьняком — гэтак і ў міліцыі: бо пры такой колькасьці, пры такой перавазе над міліцыянтамі, арганізатары раптам усьвядомілі, што гаспадары вуліцы - ужо мы, а не Гарком кампартыі і не ЦК КПБ. Трымацца сьціслых прадпісаньняў савецкіх камуністычных улад пры такой колькасьці ўжо й не адчувалася надта абавязковым. — А тым больш, калі хацелася прадэманстраваць, што гэта будзе наша краіна, а ўжо ня іхні СССР.
        ...Урэшце ўся дэманстрацыя прыбыла на плошчу (тады) Леніна, дзе яе відаць зусім не чакалі. З гэтай акурат прычыны, там яе сустрэла нейкая нэндзная кольскасьць савецкай міліцыі. Ніхто і не спрабаваў разганяць, але міліцыянты ўтварылі ланцуг паміж мітынгоўцамі і помнікам Леніну. Гучалі клясычныя лёзунгі "Далоў Сакалова!" і "Хай жыве КПСС на Чарнобыльскай АЭС"...  Прамовы Пазьняка і іншых. Дзень сканчаўся, было халодна, як і чым цяпер скончыць такую надзвычайную вулічную акцыю „на высокай ноце“?..
         Рэсурс прамоваў быў вычарпаты, і тут у Пазьняка (?) зьявілася на гэты конт цудоўная ідэя: „уганараваць“ угодкі Кастрычніцкага перавароту ўскладаньнем усіх нашых прынесеных з нагоды антыкамуністычных плякатаў і транспарантаў, зоркаю якіх быў вышэйзгаданы ўкрыжаваны на зорцы гіпсавы шкілет — да падножжа помніка самому бальшавіцкаму правадыру. 
        Натоўп рушыў да помніка, але міліцыянты схапіліся за рукі ў ланцугу і мерыліся стрымаць... Яны пэўна не падумалі, што міліцыянту ў фуражцы перад натоўпам мець абедзьве рукі занятымі — ня надта сэнсоўныя ідэя. — Ніхто ў натоўпе ўдарыць міліцыянта гатовы ня быў, затое  праз хвіліну шчыльнага супрацьстаяньня хтосьці па нашым баку здагадаўся схапіць міліцэйскую фуражку на галаве міліцыянта за казырок ды падкінуць яе ўгару ... [хуліган!:)] ...міліцыянт толькі ўскінуў рукі, каб яе злавіць... — міліцэйскі ланцуг, гэтак перарваны,  быў зараз жа прарваны і зьмецены прэч. Далей была невялікая калатнеча зь міліцэйскімі дубінкамі вакол помніка, міліцыятны рэтыраваліся за помнік бліжэй да ўваходаў Дому Ўраду ды там і засталіся: а плякаты разам са шкілетам былі пасьпяхова „ўскладзеныя“ да падножжа Леніна задаволенымі дэманстрантамі.
          Агулам, падзея запомнілася як свайго роду „рэванш“ за Дзяды 1989: там савецкая міліцыя гнала і труціла „Чаромухай“ беларускіх мітынгоўцаў, а тут перавага нечакана аказалася на нашым баку: ды ў лідэраў і ўдзельнікаў хапіла імпэту і рашучасьці, каб з гэтага адразу скарыстаць.    
     ...У лістападзе наступнага 1991 году ўжо не было каго зацікавіць падэманстраваць супраць бальшавізма. Савецкі Саюз пасьля жніўня 1991 быў спараліжаваны і відавочна аганізаваў апошнія пару месяцаў, над краінай ужо афіцыйна лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Здавалася, што „мы“ канчаткова перамаглі, і нават Ленін на плошчы не выглядаў больш на дзейсны сымбаль чагосьці, з чым-бы патрабавалася яшчэ змагацца.
      ...І дзе цяпер Пазьняк? — А-ж той Ленін „и ныне там“.

Comments

( 9 камэнтароў — Пракамэнтаваць )
emieryka
08 Ліс 2010 06:41 (UTC)
І мы з татам там былі...
emieryka
08 Ліс 2010 10:46 (UTC)
О, дык тут усе свае... :)
suziralnik
08 Ліс 2010 16:01 (UTC)
Трэба засноўваць саюз былых паліт-камбатантаў :)
alia_bey
08 Ліс 2010 19:34 (UTC)
Ну, не зусім былых... Хоць я чалавек мірны і зараз у духоўнай апазіцыы, але...
"... Зноў залунае наш штандар, Палыхне ў начы пажар. І паходнаю трубой. Зноў пакліча нас з табой. На мужны бой. Мая Радзіма..."

І усё жа жадаю, каб абыйшлося без баёў :)
suziralnik
08 Ліс 2010 19:40 (UTC)
Я таксама ў духоўнай апазыцыі :)
ryta_t
16 Ліс 2010 11:58 (UTC)
НИКОГДА не в ы д е л я й т е слова. Читатель чувствует, что его СОБСТВЕННОМУ пониманию текста н е д о в е р я ю т. )))
http://www.filolingvia.com/publ/235-1-0-1311

...А ўвогулле, рада камунікаваць з людзьмі, у якіх такі вялікі стаж у змаганні!
Калі крыху пабыў у апазіцыі і пачаў бачыць, што твары пакрыху змяняюцца, гэта асабліва радасна.
suziralnik
16 Ліс 2010 12:12 (UTC)
Выдзяляю так, каб аблегчыць задачу правільнай інтанацыі тым, хто-бы стаў мае творы раздрукоўваць і чытаць перад аўдыторыяй уголас :))
( 9 камэнтароў — Пракамэнтаваць )