?

Log in

No account? Create an account
Віленскі публіцыст Ян Обст палемізуе з поглядамі прадстаўнікоў „этнаграфічнай Літвы“ аб заслузе менавіта расейскага царызму ў справе вызваленьня сялянаў ВКЛ з прыгону. Jan Obst, „W imię prawdy“, Wilno 1914. -



Як у менскім мячэце татарскі мулла Якуб Здановіч на чыстай польскай мове маліўся за супакой душы і збавеньне Тадэвуша Касьцюшкі, католіка. Запрасіўшы прадстаўнікоў грамадзкасьці, уладаў і вэтэранаў. Агітуючы за вернасьць рускаму цару, паноўнай уладзе.






Крыніца і кантэкст падзеяў у Менску =>>Collapse )



Цікава, ці ўтульна на вуліцы імя Шаранговіча ў Менску. Напэўна так, чаму-ж не. Толькі назва крыху недарэчная. Зрэшты, тое тычыцца і вуліцы і плошчы Калініна, які падпісаў рэзалюцыю „за“, ды ажно двойчы.


(Адсюль)

Дарэчы пра Шаранговіча:
«Праз 2 месяцы пасьля трагічнай сьмерці Ц.Гартнага склікаецца 16-ты зьезд КП(б)Б. Адбываецца ён у Доме ўраду ў Менску. На ім тагачасны 1-шы сакратар ЦК В.Шаранговіч вельмі востра асуджае й абвінавачвае ня толькі арыштаваных незадоўга перад тым старшыню СНК БССР М.Галадзеда, народнага камісара асьветы А.Чарнушэвіча й іншых кіраўнікоў БССР, але, разам зь імі, і прысутнага на зьезьдзе Алеся Чарвякова, народнага камісара асьветы 1-га ўраду БССР, нязьменнага ад 1920 г. старшыню ЦВК і Прээыдыюму ЦВК БССР, сябру ЦБ і ЦК КП(б)Б. Ня было ніякага сумніву, што чарга сталінскай гільятыны тэрору дайшла да яго. Зьезд толькі фармальна павінен закляйміць яго «ворагам народу». У часе аднаго із перапынкаў А.Чарвякоў ідзе ў свой габінэт, замыкае на ключ із сярэдзіны дзьверы й стрэлам з рэвальвэра ў сэрца канчае самагубствам. Калі дзьверы габінэту былі ўзламаныя, яго знайшлі мёртвым... на сваім урадавым крэсьле.
Гэта было 16.6.1937 г.»
Аўген Калубовіч «„Айцы“ БССР і іхны лёс».

A такі быў блянк Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту ў 1992-1995.
Аб гэтым Vašamu Suziralniku даводзілася чуць дзьве вэрсіі. Першая, што такі твор вуснай народнай творчасьці нібыта сапраўды быў запісаны — толькі не ў Беларусі, а ў былой „правабярэжнай“ Украіне: дзе, у адрозьненьне ад (асабліва) Меншчыны ў XVIII ст., перад улучэньнем у межы Імпэрыі яшчэ сапраўды заставалася істотнае аднаверчае Маскве жыхарства (там ёсьць радок, выключаны з савецка-беларускай публікацыі ніжэй, „...нашы сродныя, веры одныя“) — і якое магло жадаць аднаўленьня еднасьці сваёй „Русі“ г.зн. еднасьці зь „левабярэжнай“ Украінай, з Кіевам (у Расеі з 1667 г.). (Гэтая вэрсія мае на ўвазе, што дзесьці мае існаваць занатаваны ўкраінскі прататып). — Паводле ж другой вэрсіі, гэта — папросту фальшыўка мураўёўскае прапаганды з эпохі паўстаньня 1863 году. У прыватнасьці, Карскі ў 1903 г., у т. 1 „Бѣлоруссовъ“, с. 447, адназначна прызнае гэты тэкст апублікаванай „со стороны русскихъ“, упершыню ў 1864 г., „искусственной пѣсней съ политической тенденціей“ (вытрымка ніжэй). Карскі ў 1903 г. цьвердзіў, што „искусственность ихъ несомнѣнна“; аднак пазьней саўбелскіх аўтараў гэты факт анімала не бянтэжыў — і яны працягвалі перадрукоўваць тую „несомнѣнную“ (для Карскага ў 1903 г.) прапагандовую фальшыўку як аўтарытэтную аўтэнтыку, прычым для мэтаў спасылкі таксама не без „политической тенденціи“.



„Гэта нагадвае разбуранае места; гэта амаль бязладная маса хатаў, дамоў, палацаў, якія прыходзяць у заняпад ды ад сваёй ранейшай велічнасьці захоўваюць толькі прыгожыя дзьверы“, — такім было ўражаньне ад Горадні, „найбольш значнага гораду Літвы, нават хоць сталіцаю ёсьць Вільня“, брытанскага падарожніка Ўільяма Кокса (William Coxe), які наведаў нашыя мясьціны ў 1778 годзе. Або прынамсі, гэткі ёсьць пераказ яго французкага кампілятара.


Два адкрыцьці з расейскіх фотапаштовак зь-перад І Сусьветнай вайны:
1) У Полацку тады (а) быў замак, (б) той замак быў - езуіцкі :)
2) Полацкі Сафійскі сабор тады ўважаўся "руінамі".











Зь юнацтва мяне неяк бянтэжыла пэўная нататка Ўладзіміра Манамаха ў сваім «Поученіи», дзе ён прыгадвае, як «и на ту осень идохомъ съ Черниговцы и съ Половци-Читеевичи къ Мѣньску, изъѣхахомъ городъ и не оставихомъ въ немъ ни челядина, ни скотины». Увагу тут прыцягвае, і бянтэжыць, не сама скрайняя жорсткасць, а выключнасьць. Нататка гэтая, занатоўваючы такое татальнае зьнішчэньне, троху вылучалася з усіх шматлікіх апісаньняў паходау і войнау, якімі было заноўнена Манамахава жыцьцё. Iншая згадка пра Менск, некаторы час пазьней, таксама падобная: войскі з сучаснае Украіны «Взяша Менескъ градъ, иссекоша мужей, а жены и дети даша на щитъ» - гэта значыць, дзяцей і жанчын зрабілі нявольнікамі, ваеннай здабычай. Паўстае пытаньне: чым жа патлумачыць настолькі жорскае стаўленьне рускіх князёў да, нібыта, сваіх усходне-хрысьціянскіх аднаверцаў, этнічна-блізкага насельніцтва, нібыта «таксама-Русі», чаго не сустракаем у апісаньнях іншых канфліктаў між княствамі? Ці нешта адметнае стаіць за тым фактам, што менавіта менскае насельніцтва напаткала такое стаўленьне: ці было ў тагачасным тутэйшым насельніцтве штосьці асаблівае? Або, ці такая адметнасьць стаўленьня ня сьведчыць аб тым, што рускія князі разглядалі тагачасных менчукоў не зусім так, як жыхароў рускіх княстваў сучаснае Ўкраіны?
             А дык можа і не разглядалі зусім так. Тлумачэньне назвы «Няміга» з балцкіх моваў сёньня ўжо шырока прынятае. Аднак тое самае яшчэ больш празрыста тычыцца і рэчкі, якая дала назву першапачатковаму менскаму гарадзішчу (якое й напаткалі вышэйзгаданыя зьнішчэньні). Менка, прыток Пцічы, не была вялікай ракой: маўляў, «Как считают ученые, Менка и в давние времена не была большой. В науке есть данные, что термин «мен» имеет смысловое значение «маленькая мелкая река»». V.S. не ўдалося высьветліць крыніцы такога сьцьвярджэньня пра «мен», або нават аб якой то мове ідзецца. Аднак і на сучаснай балта-літоўскай мове «menka srovė» азначае слабацечную ручаіну.
            Гэтак, магчымае тлумачэньне такога стаўленьня рускіх князёў да тутэйшага насельніцтва можа быць у тым, што тагачасныя насельнікі ваколіцаў Менкі і Нямігі магчыма й не успрымаліся імі ні як «этнічныя сваякі», «таксама-Русь», ані нават, магчыма, як адзінаверцы. Архэялёгія Менскага гарадзішча паказвае, што, паводле матэрыяльнай культуры, насельніцтва нібы належыла да крывіцкага славянскага рэгіёну, хаця аб сьведчаньнях хрысьціянскай прысутнасьці сярод знаходак з «таго» Менску пакуль не паведамлялася. Аднак штораз занатаванае стаўленьне з боку кіеўскіх князёў можа паказваць на тое, што славянізацыя насельніцтва гэтых мясьцін яшчэ ў другой палове XI ст. не прасунулася дастаткова далёка, каб людзі з сучаснае Ўкраіны ўспрымалі яго «таксама-рускімі». Прынамсі, гэта ўпісваецца ў лёгіку іх паводзінаў у 2 занатаваных гісторыяй сумных выпадках.

Originally posted by suziralnik at Пакой (спальня-габінэт) у Берасьці, 1915-1917 гг.
Здымкі пакоя ў невядомым капітальным будынку ў Берасьці, занятага нямецкім афіцэрам, датаваныя паміж 12 сьнежня 1915 і 25 красавіка 1917.

Brestroom-3

Brestroom-4

Brestroom-2

Brestroom

1914-2014

     „Выйшлі роднай вёскі дзеці
          Паміраць на белым сьвеце,
          Расьсяваць па сьвеце косьці
          Праз кагосьці, за кагосьці“.
                                       Я. Купала, „Песьні вайны“, 1914.

Паводле майго дзеда, мой прадзед, да 1917 г. кадравы вайсковец царскай службы, да канца жыцьця аб той вайне інакш, чым як аб „Імпэрыялістычнай“, не прыгадваў.


NieviadomyjaZauniery

Невядомыя жаўнеры царскага войска на адпачынку. Фотапаштоўка купленая ў Менску.


ZBielausa

- прычыны вайны тлумачыла беларусам, подданым расейскага цара, газэта „Biełarus“.


А таксама „Наша Ніва“:
NasaNiva1914-1


Белабеларус :)

Чытаў і думаў: ці натуральна, дарэчна быць чырвонабеларусу (Богдан) у канкрэтым нашым гістарычным часе? Ці Vaš Suziralnik мае тады самавызначацца мабыць як белабеларус?..



Абагаўленне паразітаў — Сяргей Богдан крытыкуе Алеся Белага

12:09, 09.07.2014 |

Алесь Белы ў «Звяздзе» піша пра «цэ­лы ася­ро­дак бе­ла­ру­шчы­ны пры канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. пры ад­ным тыш­ке­ві­чаў­скім два­ры». «Гэ­та яго [графа Бэнэ­дыкта Ген­рыка Тыш­ке­віча, скарочана — БГТ], а так­са­ма яго сы­на, ін­ша­га Бэнэ­дык­та, служ­боў­ца­мі бы­лі Ста­ры Улас, баць­ка пісь­мен­ьні­ка Яд­ві­гі­на Ш. Ян Ля­віц­кі і баць­ка Кан­стан­цыі Буй­лы Ан­тон».

Стоп. Гэтыя людзі завуцца ну ніяк не «службоўцамі», бо былі яны прыслугай. БГТ аж так апекаваўся беларускай культурай, што трымаў Старога Ўласа за кухара, пасьля падвысіў да кухмістра і аканома. А як БГТ спрычыніўся да таго, каб Ядвігін Ш. ды Канстанцыя Буйла прыйшла ў беларускую літаратуру? Бацька першага быў аканомам, а другой — увогуле аб'ездчыкам.

Зьвяздоўскі аўтар наракае, ну што гэны Стары Ўлас складаў непатрэбныя вершыкі пра мужыкоў, а не занатоўваў рэцэпты графскіх страваў. «Нам ён па­кі­нуў збор­нік вер­шаў «Год бе­ла­ру­са» пра цяж­кую до­лю му­жыц­кую. Паз­ней та­кіх вер­шаў на­пі­шуць яшчэ не ад­ну ты­ся­чу та­моў (аж­но і ў ма­ку­ла­ту­ру іх ця­пер не бя­руць)»

Чаму ж, во нягоднік?! Ну, для пачатку варта ўзгадаць, што граф БГТ у адрозьненьне ад якога-небудзь эміра бухарскага паэтаў трымаў не на стыпэндыях ды падарункох, а калі не на стайні і хляве дык на кухні.

У адрозьненьне ад сяньняшняга зьвяздоўца, Стары Ўлас ведаў сапраўдны смак графскіх страваў — вынік уціску ды эксплюатацыі беларусаў, руіны Краю пасьля палянізацыі Княства. А таму і пісаў пра мужыкоў. Бачачы, як спляліся нацыянальны ды сацыяльны прыгнёт.

Графы Тышкевічы маюць да Беларусі ў часы Старога Ўласа дачыненьне выключна паразытычнае ды зьвязаныя з ёй адно геаграфічна. Лагойская калекцыя ды археалягічныя росшукі Яўстафія — дробнае адхіленьне ад выразнай пазыцыі, і наколькі нават той «руплівец нашай старасьвеччыны» бачыў каштоўнасьць у Беларусі як такой — пытаньне для мяне пакуль без адказу.

Сучасную Беларусь пры канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. будавалі ня графы з князямі. Яны свой цывілізацыйны ды гістарычны выбар зрабілі задоўга да таго — не на карысьць Беларусі як апрычонай палітычнай супольнасьці. Беларусь здабылі басякі, абдзёртыя тымі, каго сяньня ўсхваляе ўжо і дзяржаўны беларускі друк. Пачынала дробная шляхта, а ўрэшце сякую-такую, але дзяржаву збудавала тое, што Сяргей Дубавец называўшы быў у сваіх вострабрамскіх перадачах на амэрыканскім радыё «камбедаўскай гардыняй».

Прычым гаворка тут ня толькі пра БССР. Бясплённы праект БНР таксама ня графамі леплены, таму і ад сацыялізму недалёкі. Іронія лёсу — сяньня яго цягаюць як штандар якраз лібэралы.

Паводле: Сяргей Богдан, Facebook.com

Чытаць цалкам
http://nn.by/?c=ar&i=131454


20 гадоў

Што-ж, Vaš Suziralnik тады рабіў усё, што асабіста ад мяне магло залежыць, каб 20 гадоў таму з краінай не адбылося тое, што адбылося. Час ад часу вяртаюся ў памяці ў тыя дні, якія зламалі лёс краіны і адбіліся моцна на маім уласным, і ня ведаю, што асабіста я тады, у сваёй тагачаснай якасьці, мог бы зрабіць больш ці лепш. Здаецца, нічога, прынамсі я тады выканаў свой абавязак перад нацыянальнай гісторыяй. Адсалютуйма ценям мінулага. „Можа хтосьці за нас памоліцца, да дзівацкіх учынкаў схільны“.

Pasviedcannie1994
Паведамляецца ў прэсе, што памерла дысідэнтка, праваабаронца, паэтка і перакладчыца Натальля Гарбанеўская, LJ блёгер ng68, якую меў гонар бачыць сярод сваіх LJ сяброў. Апошні запіс на яе старонцы быў зроблены ўвечары перад днём сьмерці. Сьветлая памяць.
Калі даводзіцца сустракацца, штораз часьцей, з „эўра-скэптычнымі“ настроямі ў палітычна- і нацыянальна-сьвядомых колах Беларусі, з уяўленьнямі аб шляхох для Беларусі па-за межамі агульнага магістральнага шляху Эўропы, пошукі „альтэрнатываў“ для Беларусі сярод экзатычных ідэялёгіяў і прыкладаў (тыпу франкізма), рознага (псэўда-)„кансэрватызму“, не пакідае думка, што ўся гэткая зьява трапна апісаная 2000 гадоў таму ў байцы Фэдруса (з Эзопа), І стагоддзя па Р.Х.:

Ліс і вінаград

Ліс, голадам гнаны, дастаць спрабаваў вінаград, што высока вісеў на лазе,
Ды ня змог, хоць скакаў з усёй моцы,
і сыходзячы прэч, ён сказаў:
„Вінаград яшчэ недазрэлы, кіслага я не жадаю!“
Тыя, хто ганяць штось тое, чаго дасягнуць і ня могуць,
Хай у гэтым убачаць сябе.

De vulpe et uva

Fame coacta vulpes alta in vinea
uvam appetebat summis saliens viribus
Quam tangeree ut non potuit, discedens ait:
„Nondum matura est; nolo acerbam sumere“.
Qui, facere quae non possunt, verbis elevant,
adscribere hoc debebunt exemplum sibi.



...Гэта не сапраўдны „пошык лепшых альтэрнатываў“ чамусьці, а болей вынік дэмаралізацыі, роспачнай страты надзеі, страты ўпэўненасьці ў сабе, зламаньня моцы духу, і фрустрацыі. Эмацыйна паспачуваць пэўна слушна, але пагаджацца было-бы няслушна. Тады як сапраўдныя духоўныя сваякі Франка і Салазара казалі (сьпявалі) па-іншаму: „Wir werden weiter marschieren, wenn alles in Scherben fällt...“

„Увядзенне кірыліцы, акцэптаванае беларускімі элітамі (у асноўнымі каталіцкага паходжання) на пачатку ХХ стагоддзя, адразу вылучыла нас з, умоўна кажучы, агульнага антырасійскага фронту народаў былога ВКЛ, аслабіла сілу супраціву. Як гэта добра паказаў Д. Сталюнас, дробязяў у справе супрацьстаяння русіфікатарскай палітыцы не бываe.“ — Маецца на ўвазе, мусіць быць, цэнзурная забарона друку па-беларуску лацінкай у Расейскай Імпэрыі, што дзейнічала з 1859 па 1905 г. Аднак заўважым дзеля справядлівасьці, што чамусьці кірыліца ніяк не зашкодзіла нацыятворчаму разьвіцьцю ўкраінцаў у ХІХ-пач. ХХ ст., і іх нацыянальны рух на стан 1917 г. быў непараўнальна мацнейшы, чым беларускі.

„Разважаючы пра другую палову ХІХ ст., ловіш сябе на думцы, што фактычна толькі ў беларусаў паўстаў такі феномен як самарусіфікацыя. То бок, сітуацыя, калі эліта нярускага народа пачынае ўспрымаць рускую мову і культуру як сваю і распаўсюджваць у грамадствe.“ — Невядома, што ж так дзівіць аўтара ў абставінах русіфікацыйнай палітыкі ўладаў: пасьля таго, як уся палёнізацыя ў ВКЛ (у Рэчы Паспалітай) напрацягу стагоддзяў была САМАпалёнізацыяй нават і безь ніякай дзяржаўнай палітыкі (старая Рэч Паспалітая і ВКЛ ў прыватнасьці ўвогуле ня мелі дзяржворганаў для такіх дзяржаўных палітык), а асабліва ў першай палове ХІХ ст. шырокае распаўсюджаньне зьяваў сама-палёнізаці сярод пісьменнай часткі насельніцтва ў Літве-Беларусі было вядома, як рэакцыя на расейскі культурны і палітычны ўціск.

„...[П]аводле Д. Сталюнаса, што ў Віленскім універсітэце навучаліся толькі „палякі і літоўцы“. ... Цытуючы Міхаіла Мураўёва перадае ягонае азначэнне “студэнты польскага паходжання” (с. 102). Хутчэй за ўсё польскамоўнымі былі і беларусы, і літоўцы, і габрэі, але расійскія крыніцы не маглі ўзгадваць „беларускіх студэнтаў“, не ўзгадвае іх і гісторык“. — А як жа :) Калі раней носьбітам „канцылярскай мовы ВКЛ“, на якой Статут і г.д., быў народ „канцылярыі ці канцылярыты“ (© С. Дубавец)...... :))


ЛІТОЎСКАЯ КНІГА ПРА РУСІФІКАЦЫЮ БЕЛАРУСАЎ

тэкст: Андрусь Унучак

Чытаць =>>Collapse )
Kresy1Kresy2
Samusik Jerzy, Samusikowa Katarzyna, Dwory i pałace na Kresach Wschodnich między Niemnem a Bugiem. Fundacja Sąsiedzi. Białystok 2012.

Гэтая публікацыя ня ёсьць вычарпальным і сыстэматычным інвэнтарам былых сядзібных будынкаў — а альбом-падарожжа. Выданьне зьмяшчае фотаздымкі з апісаньнем гістарычных лёсаў маёнтку і сядзібы ды іх гаспадароў, і кароткія апісаньні пабудоваў, па-польску, а таксама досыць падрабязнае падсумаваньне польскага тэксту па-ангельску ў кожным выпадку. Подпісы пад здымкамі на абедзьвюх мовах. Складаецца ўражаньне, што стваральнікі кіраваліся, у маршрутах і інфармацыі, зьвесткамі, што зьмяшчаюцца ў фундамэнтальным выданьні Рамана Афтаназага. Часам уключаюцца таксама некаторыя іншыя будынкі гістарычнага краявіду былой сядзібы (нп. касьцёлы).
         Сапраўды цікавым аспэктам ёсьць уключэньне, акрамя звычайных „парадна-турыстычных“ (Мір, Нясьвіж, сядзіба Міцкевіча, сядзіба Касьцюшкі...), таксама напаўзруйнаваных аб'ектаў, якія звычайна не адведваюць турысты і якія нават Vašamu Suziralniku раней бачыць не даводзілася, як Радзівілмонты. З гэтага гледзішча, альбом дае больш аб'ектыўны малюнак агульнага стану рэчаў з гістарычнымі будынкамі на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне, чым уяўленьне, якое можна атрымаць з выданьняў у Беларусі.
         Адносна мінусаў можна зазначыць, што (1) амаль адсутныя інтэр'ерныя здымкі. Тады як „zabytkowe budowle“ адрозьніваюцца ад нейкага гістарычнага манумэнту менавіта тым, што маюць ня толькі вонкавы выгляд, але і абавязкова ўнутраны(!) Пры тым высілку, які быў укладзены ў стварэньне альбома, пэўна можна было забясьпечыць і доступ у сярэдзіну будынкаў, (2) надта многія здымкі тэхнічна сапраўды не адпавядаюць стандарту якасьці архітэктурных фотаздымкаў для публікацыі, у галіне аптычных скажэньняў. Прынамсі ў Заходняй Эўропе многія са зьмешчаных здымкаў у такім выглядзе апублікаваныя бы ніколі ня сталіся.
        Ну і ўрэшце ня можа не падзіўляць, што, — кажучы пра гістарычныя будынкі эпохі ВКЛ і старой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, — у нашыя часы выраз „na kresach wschodnich między Niemnem a Bugiem“ (г.зн., нешта з эпохі міжваеннай Польшчы) кімсьці яшчэ можа ўжывацца, ды нават бяз згадкі, што „dawnych“. Пазыцыю выдаўцоў можна ўважаць патлумачанай у наступных словах прадмовы:

„Kresy Wschodnie to ziemię które dały Polsce wielką dynastię królewską, najznamienitszych poetów, słynnych uczonych, wybitnych mężów stanu. Nic więc dziwnego, że chociaż znalazły się po II wojnie światowej poza granicami państwa polskiego, budzą nadal wielki sentyment i zainteresowanie swoją historią i dniem dzisiejszym. Podczas wyjazdów poza wschodnią granicę wiele osób szuka polskich śladów, którymi są najczęściej zabytkowe budowle. Znajdują biez trudu, zwłaszcza w dużych miastach, takich jak Wilno, Grodno, Lwów...“

Адзінай саступкай можна лічыць суcтрэтую далей трохі „пашыраную“ згадку пра „polskich czy litewskich ziemian“. Праўда, як гэта стасуецца з пазначаным вышэй падыходам, які відавочна грунтуецца на рэальнасьцях міжваеннай Польшчы, застаецца загадкай.
„Тое, што рабіла маё пакаленьне змагароў за беларушчыну, не было марным. Некалі ўсё адродзіцца зноў“. — Вінцук Вячорка распавядае пра лёс, пра сяброў, пра Беларусь.
„У меня с советской властью вышли в основном эстетические разногласия.“
— А. Синявский, 1985 г.

Мяжу, дзе пачыналася краіна-Саўдэпія, пазначаў ня толькі памежнік у будзёнаўцы і іншыя НКВД-ысты за яго сьпіной. Мяжа Саўдэпіі пралягла праз шмат што, акрамя тэрыторыі: гвалтам адцяўшы „першую краіну Саветаў“, з усімі часткамі, і ад пераемнасьці ўласнага мінулага і ад вонкавага сьвету. B&EМяжа паміж сваім ранейшым, а таксама вонкавым сьветам, за аднаго боку — і савецкай рэальнасьцю з другога, пралягла таксама ў шматлікіх штодзённых рэчах.
        Аднім з прыкладаў, — ня столькі важных, колькі адметных, — можна згадаць кніжны пераплёт. Агульна вядомыя здымкі Леніна ў габінэце на фоне шыхтоў Энцыкляпэдычнага Слоўніка Бракгаўза і Эфрона, што зіхацяць цісьненьнем фоліяй сусальнага золата на чорнай скуры. Але вырабу традыцыйных кніжных пераплётаў у СССР тады й надыйшоў канец. Хоць прыватныя (кааператыўныя) пераплёнтыя майстэрні-атэлье зьніклі толькі з канцом НЭПу, а дзяржаўныя існавалі далей, канец вырабу ранейшых гатункаў пераплётаў паклала сітуацыя з матэрыяламі. Мармуровая папера — выглядае, што выраблялася ў нейкім аб'ёме яшчэ прынамсі ў 20-х, сусальнае золата сталі зноў вырабляць пад канец 30-х. Аднак у савецкай плянавай эканоміцы — хто і навошта дасьць дзяржаўны плян па вырабу пераплётнага саф'яну ды маракіну, прыкладам на 1-ю ці 2-ю сталінскую пацігодку? :) — Або, хто зацьвердзіць выдаткі валюты (пры дзярж. манаполіі зьнешняга гандлю) на закупку такіх матэрыялаў звонку (шмат раней імпартавалася)? Сапраўды, навошта: ужо застаўся, калі трэба, у Крамлі, Mic2 (2)камплект Бракгауза-Эфрона ў скуры з золатам у Леніна ў габінэце, навошта савецкаму кіраўніцтву падобных болей? :) — У надзвычай рэдкіх сёньня прыкладах „кустарнага“ вырабу перапётаў 1920-х, з часоў НЭП-у, з палоскамі пераплётнай скуры, відавочна выкарыстоўваліся толькі апошнія рэшткі дарэвалюцыйных запасаў матэрыялаў. Гэтак, дзеля зусім „натуральных“ прычынаў, самому рамяству любых „скураных“ пераплётаў у СССР практычна адразу надыйшоў канец.
         З увагі на тое, наколькі лёгічна гэтая зьява адыйшла ў нябыт у СССР — настолькі ж натуральна, што звонку савецкіх межаў разьвіцьцё кнігапераплётнае рамяства і мастацтва аднак працягвалася сваёй хадой. Пераплёты са сьпінкамі з натуральнай скуры ў Эўропе і ЗША далей вырабляліся і напрацягу 1920-х, і 30-х, і пасьля вайны, і „сэрыйна“ прынамсі яшчэ ў 1960-х. На замову, у Заходняй Эўропе і цяпер. Некалькі прыкладаў гл. ніжэй. —
         Аднак гэты допіс мае на ўвазе падкрэсьліць той факт, што выраб і аздабленчая культура „скураных“ пераплётаў непарушана працягваўся ня толькі дзесь у Англіях-Францыях, але паўсюль адразу па-за межамі валадарства бальшавізма. Гэта значыць — і ўжо проста тут, у нашых краёх, адразу і непасрэдна за савецкай мяжой.
Чытаць і глядзець далей =>>Collapse )

С.п. Віктар Івашкевіч

На 55-м годзе жыцьця памёр Віктар Івашкевіч.

Сьветлая памяць выдатнаму чалавеку і адданаму беларусу. Адзін з найвыбітнейшых "першаадраджэнцаў" 1980-х, і які не пакінуў вернасьці беларускай грамадзка-нацыянальнай справе, цяпер, да канца. Магу засьведчыць аб велічыні гэтай страты, як могуць усе, хто ведаў яго асабіста.

- Вінцук Вячорка: Івашкевіч — чалавек зь першага шэрагу нацыянальных лідэраў

- Зянон Пазьняк: Беларускі адраджэнскі голас

- Лявон Баршчэўскі: Яго стыль паводзінаў, палітычны аптымізм трэба шмат каму запазычыць

guzik1
На пачатку 1990-х Vaš Suziralnik з пэўных прычынаў ці ня кожны дзень праходзіў празь Верхні Горад. Там тады пачала шмат рознага адбывацца... Будынкі зруйноўваліся і замест іх будавался муляжы. Усё паўсюль раскопвалася, ды зусім не-архэалёгічна. Гэта была ўжо пасьля эпохі, калі на паддашшах усе цікаўныя маглі знаходзіць масы „гістарычнага сьмецьця“, нешта нават з часоў перад-расейскіх, зь якога шмат чаму належнае месца была-бы ў нацыянальным гістарычным архіве. Тым ня меней, на Верхнім Рынку, у Верхнім Горадзе, можна была яшчэ натрапіць на шмат цікавага, калі пільна глядзець навокал і, асабліва, пад ногі. А, як асоба з (нядаўнім тады) архэалёгічным досьведам, Vaš Suziralnik пад ногі глядзець быў прызвычаены, бо-ж там — знаходкі.
        Аднойчы ў годзе, мабыць, 1993, — увесну, — Vaš Suziralnik, там праходзячы, пабачыў, што на вуліцы Гэрцэна адбываецца штосьці буйное: аказалася, зрываюць брукоўку. Пад аднім брукам аказаўся другі. Пад ім было месцамі відаць рэшткі трэцяга. А па краёх вуліцы можна было заўважыць яшчэ ня меней дзьвух папярэдніх: тэхніцы давялося істотна заглыбіцца ў грунт. Экскаватары і бульдозэры актыўна працавалі ўздоўж Гэрцэна, і Vaš Suziralnik вырашыў вярнуцца неўзабаве пасьля працоўнага часу, каб спакойна агледзіць сумнае відовішча разбурэньняў.
guzik2
guzik3
guzik4

        Раньнім вечарам прайшоў кароткі, але моцны, веснавы дождж. Vaš Suziralnik на зваротным шляху пайшоў зноў праз вуліцу Гэрцэна, адразу пасьля тае залевы. Струмені вады размылі і ачысьцілі рэшткі брукоўкі. Сумнае, канешне, відовішча. І вось, праходзячы там, нешта прыцягнула зрок, нешта блішчэла з размытага пяску. Даволі глыбока, на ўзроўні не вышэй 3-га бруку. Маленькі блішчасты прадмет меў форму кроплі зь сіняга шкла, аздобленай хвалістымі „стужкамі“ шкла з залатым пылам, меў зламанае бронзавае вушка з танчэйшага боку ды залатое „навершша“ ў форме кветкі, з ружовым каменчыкам, з таўсьцейшага.
        Загадкавы прадмет Vašaha Suziralnika, натуральна, заінтрыгаваў. Ні з музэяў, ні з кніг нічога падобнага штосьці не прыгадвалася. Перш-наперш, у наступны візыт у Музэй Старабеларускай культуры, я запытаўся там (апісаўшы на словах), што-бы то мог быць за прадмет. — „Малады чалавек, гэта ж відавочна: фігурны прадмет ювэлірнага прызначэньня“, — адказалі мне і пабачыць сам прадмет не зацікавіліся. Далей больш не адходзячы з альма-матэр, запытаў парады ў загадчыка музэю пры гістфаку БДУ (славутага сваімі калекцыямі нумэзматычнымі, хаця не архэалёгічнымі), у каго з дасьведчаных архэолягаў мела-бы найбольшы сэнс запытацца: з увагі на прыкладны пэрыяд (XVII-XIX ст.) і месца, дзе знойдзена (Верхні Горад). Той параіў мне сп. І-у. Той хутка зірнуў і сказаў таксама: маўляў, элемэнт упрыгожваньня, са шкла і мэтала, падвясны. — Я падзякаваў, бо ня мог не пагадзіцца: мае ўласныя здагадкі цалкам пацьвердзілі сьпэцыялісты, прыемна! :)
portret1
        ...На тым „фігурны прадмет“ быў пакладзены кудысьці ў шуфляды і, шчыра казаць, забыты. — А ў 2000 годзе Vašamu Suziralniku надарылася ў Варшаве набыць кніжку „Portret staropolski“ (Tadeusz Chrzanowski, 1995, гл.). Там на партрэтах бо была крыху асоб і з нашых краёў. Ды, разглядаючы партрэты, раптам узгадалася: а-ж пэўную рэч зтуль я ўжо бачыў і нават трымаў у руках... — гузік кунтушовы! XVII-XVIII стагодзьдзе. І сапраўды. Такія гузікі былі на той акурат вопратцы, на якую павязваліся „кунтушовыя паясы“: напрыклад, „слуцкія“. Кунтушовыя гузікі былі сваеасаблівым гатункам ювэлірных вырабаў, у свой час дарагім прадметам раскошы, і ўжо на пачатку ХХ ст. разглядаліся як музэйны экспанат, нп. у „Інвентарнай кнізе Музею ім. Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні (Вільня, 2.VI. 1922 г., А. Луцкевіч)“ знаходзім: „5. Гузік да кунтуша, золата з срэбнай падкладкай пад дыямэнтамі. Палавіна XVIII ст. — 6. Залаты кунтушовы гузік з разьбой і маленячкім рубінам. Сярэдзіна XVIII ст. — 7. Малы круглы срэбны гузік ад кунтуша, ажурнае работы...“ — Хтосьці калісьці ехаў па от гэтай вуліцы з такім то пасам, у кунтушы, і зламалася гузіка вушка, і той заваліўся ў брук. І застаўся. У бруку, потым пад брукам. Вельмі надоўга. Аднак гэта, спадарства, пані і панове, было не на іхняй вуліцы Гэрцэна: гэта было на бруку нашай Малой Бэрнардынскай. І на бруку Малой Бэрнардынскай ён стаўся такім дзіўным лёсам даручаны мне, у апошні дзень перад тым, як напэўна-бы страчаны быў ужо назаўжды. У дзень, калі на брук Малой Бэрнардынскай у апошні раз зазьзяла тутэйшае сонца, такое, як зьзяла калісьці тады, і ў вечар, калі на брук Малой Бэрнардынскай у апошні раз прайшоў тутэйшы дождж, такі самы, як бываў калісьці тады. — Але, безумоўна так, нават вельмі „фігурны прадмет“ :) І не, ён ня з вуліцы „Герцэна“.


portret-st-39
Ілюстрацыя на с. 39.

portret-st-32
Ілюстрацыя на с. 32.
Зправа ілюстрацыя на с. 33.
portret-st-33

Пра Эгіпет і войска

Эгіпет: армія адсунула ад улады прэзідэнта-ісляміста, які выклікаў масавыя пратэсты, зьнішчаючы падмуркі сьвецкай дзяржавы і надзеі на справядлівасьць і дэмакратыю. Ці слушная гэта роля для арміі? Увогуле, не: армія існуе для абароны ад збройных пагрозаў звонку. З другога боку, ці больш слушным і справядлівым будзе ўскладаць адказнасьць за зьдзяйсьненьне сілавой зьмены ўлады на шэраговых грамадзян — якія ня маюць ні падрыхтоўкі, ні матэрыяльна-тэхнічных сродкаў вядзеньня сілавой барацьбы? Не: бо, каб забясьпечваць для грамадзян правы чалавека, законнасьць, бясьпеку, свабоды, палітычныя правы, ад любых замахаў ці знутры ці звонку, — краіна мае і ўтрымлівае менавіта "сілавікоў": армія, паліцыя, сьпецслужбы. Сілавое забесьпячэньне ўсяго гэтага ёсьць ня толькі маральным іх абавязкам, але і наўпрост прафэсійным. Яны выкананьню такіх задач навучаныя і адпаведна абсталяваныя. Калі-ж ўжо звычайныя грамадзяне паўстаюць з голымі рукамі супраць сілы, гэта азначае, што сілавікі фатальна не выканалі свае абавязкі перад грамадзтвам і краінай. Фактычна, здрадзілі. — Але ў некаторых краінах, як бачым, "сілавікі" свае абавязкі перад краінай у рэшце рэшт выконваюць.
Які ёсьць верны паказчык гістарычнага сканчэньня сацыяльнага прыгнёту?— Калі люд дазваляе сабе брудна лаяцца ў публічным месцы. (А пакаранай „за лаянку“ сапраўды рызыкуе быць хіба толькі палітычная апазыцыя.) Бо публічнае хамства — гэта паказчык упэўненай сацыяльнай фамільярнасьці найменш акультураных узроўняў насельніцтва, якія больш не знаходзяцца пад сацыяльным уціскам у такім грамадзтве, таму нічым ня змушаны адпавядаць у сваіх паводзінах мадэлям іншых, раней-сацыяльна-вышэйшых, грамадзкіх групаў.
Калі-бы [ня важна, як] усталявалася ўлада, якая-бы мела на мэце пабудаваць трывалую, сама-устойлівую і ўкаранёную дэмакратычную сыстэму, яна была-бы вымушана фармаваць грамадзтва з самага нізу ды амаль ад нічога. Як гэта запачаткаваць, калі спантанічна тое ў Беларусі, як назіраем, ніяк не адбываецца? — Радыкальны і нечаканы крок мог-бы быць наступны. — У добрае надвор'е :) выгнаць, гвалтам, зь міліцыяй (і, калі трэба, АМАП-ам), усіх жыхароў вызначанага шматкватэрнага дома / двара / вуліцы навонкі ды прымусіць усіх з усімі хутка перазнаёміцца. Канешне, 90% не запомняць, хто ёсьць хто, як каго завуць, і тым больш ня пачнуць адразу ўсе з усімі сябраваць сем'ямі, аднак мэта ня ў гэтым. Мэта ў тым, каб адгэтуль людзі пачалі ўжо жыць ня проста ў сваёй бэтоннай нары ў мікрараёне сярод чужых, незнаёмцаў, а прынамсі сярод асобаў, якім яны аднойчы прадставіліся, хоць-бы фармальна. Некаторыя пачнуць пазнаваць адзін аднаго і вітацца. Некаторыя нават навяжуць знаёмствы і пачнуць кантактаваць. І тое самае, сыстэматычна, па ўсёй краіне. Гэтак могуць быць насаджаны пачаткі мясцовага грамадзтва, супольнасьці, што мае далей пакрысе расьці, як грыбніца: з пачатковай дапамогай лёгкага ўжытку сілы, калі ў наяўных умовах добры, патрэбны, карысны для грамадзтва вынік па-іншаму не атрымліваецца, чаму ж не. Сілай нельга зрабіць зь людзей сяброў — аднак дзеля пачатку перазнаёміць іх, прынамсі, магчыма. Праблемы-ж трэба вырашаць так, як яны могуць эфэктыўна вырашацца, мяркуе V.S., м.ін. гуманіст :)

Не гарэлкай адзінай

„Закончим пятилетку
Быстрее, чем в 5 лет! —
Не водкою единой
Советский сыт бюджет!“

(— экспромт ад V.S. з нагоды наступнага — )

Papirosy
Ужо сталася банальным прыгадваць падабентва менскага „Палаца Рэспублікі“ да Цэппэлінфэльд-трыбуны і іншый архітэктуры ІІІ Рэйху. Гэтае падабенства, канешне, толькі выпадковае: стылёвае натхненьне будынка, запраектаванага пры Машэраве, паходзіла ад пабудаванага ў 1961 Крамлёўскага Палаца Зьездаў. Але з выкананьнем больш „па-простаму“, як бо пасуе сталіцы саюзнай рэспублікі, вось і атрымалася.
       Аднак, ёсьць у Менску і больш аўтэнтычны будынак-кандыдат на прыклад „шпээрыянскай“ архітэктуры. Калі мы агледзім усе манумэнтальныя будынкі, пабудаваныя ў Менску перад ІІ Сусьветнай вайной, то, на фоне канструктывісцкіх прыкладаў (Дом Урада, (б.) Дзяржаўная бібліятэка БССР, фабрыка-кухня...) і тых пазьнейшых праектаў, у якіх можна заўважыць пачаткі таго, што пасьля вайны разаўецца ў „сталінскі клясыцызм“ (Дом Піянэраў, гатэль „Беларусь“, 4-я сярэдняя школа, АН БССР...), вылучаецца адзін будынак, стылёвае вырашэньне якога нельга сапраўды аднесьці ні да адной з гэтых групаў: пабудаваны ў 1936-39 Інстытут фізкультуры (А. Воінаў і А. Бергман). Можна зрабіць прынамсі выснову, што, напрацягу апошніх перадваенных гадоў, у адрозьненьне ад пасьляваенных або канца 1920-х-пач.30-х, архітэктары ня мелі дасканалай пэўнасьці, як стылёва мусіць выглядаць „сучасны“ будынак у СССР. Бо рух у падобным кірунку можна ўгледзіць і ў Доме Чырвонага Войска І. Лангбарда (1939), і ў пачатковым абліччы будынку ЦК КПБ Воінава з Вараксіным (1939). —
        І тут Vaš Suziralnik прапануе сьмелую думку: імаверна, што прататыпам стылёвага вырашэньня Інстытуту Фізкультуры тады сапраўды сталася архітэктура Альбэрта Шпээра, Чытаць далей =>>Collapse )

Адзначэньне 75 угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР, са Старшынём Рады БНР у Выгнаньні Я. Сажычам і Старшынём ВС РБ С. Шушкевічам (Менск, 1993).

Насамрэч, у справах Беларусі быць цяпер кансэрватарам — шмат цяжэй, чым прагрэсыстам і (ці) лібэралам. Бо зьмяняць, абнаўляць у Беларусі трэба шмат чаго, рашуча і не баючыся экспэрымэнтаў, рызыкі і без "зашоранасьці" думкі (=лібэралізм), і гэта відавочна. А вось захоўваць — ня так шмат у ёй ужо і засталося такога, што не савок (і яго новыя формы): які мае згінуць, каб увогуле магла ўвасобіцца і жыць беларуская Беларусь. Не краіна Беларусь цяпер "у аблозе", міжнароднай, гістарычнай: а недабіты расейскі савок у Беларусі — ён у аблозе. Таму Беларусі патрабуецца не кансэрватызм, а "адраджэнства": цяпер так сама, як калісьці ў 1989. Беларускае "адраджэньне" было гвалтоўна перапынена ў 1994. Як кажуць у фільмах па-анг., "we've got some unfinished business". — Ды што яшчэ важней, "And it does not go away".

Выбары Папы і БелЦВК :)

На канкляве 2013 г. ў Рыме сабраліся кардыналы з усяго сьвету, прадстаўнікі ўсіх кантытэнтаў, прыхільнікі розных фракцыяў і плыняў у Касьцёле, якія вельмі канкуравалі ў выбары кандыдата і нават падазравалі адзін аднаго ў хітрыках: дык пасьля кожнага галасаваньня, з комінаў Ватыкана што раз ішоў толькі цёмны дым... — „Трэба запрасіць незацікаўленага сьпецыяліста“, — прапанаваў адзін стары мудры кардынал. Дык каб зусім нэўтральна, запрасілі сп-ю Ярмошыну з далёкае Беларусі. — Пасьля галасаваньня, Ярмошына, падлічыўшы галасы, адбвяшчае: „Выбары адбыліся, папа абраны пераважнай колькасьцю галасоў!..“ — „Habemus Papam!“ — перакладаюць у Ватыкане, — „Si, si!..“ — „..Паведамляю, што новы Папа абраны большасьцю 79,65% галасоў...“, — працягвае Ярмошына, — „...Новым папам абраны... Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка!!...“ — Белы дым! :))
„Чаму ня любяць апазыцыю“, — разважае на „Радыё Свабодзе“ Валер Карбалевіч. Скарочана:
„...Хістаньне рэйтынгу Лукашэнкі мала ўплывае на давер да апанэнтаў рэжыму. Апазыцыю ў Беларусі ня любяць яшчэ больш, чым Лукашэнку<...> Грунтоўных дасьледаваньняў гэтага фэномэну пакуль няма. <...> Па-першае, сацыяльна-эканамічны праект, прапанаваны Лукашэнкам (дзяржаўны патэрналізм), прывабнейшы для большасьці беларусаў, чым тая альтэрнатыва, якую вылучае апазыцыя (рынкавыя рэформы). <...> Па-другое, асноўны папрок на адрас апазыцыі з боку людзей, якія стаміліся ад Лукашэнкі, зводзіцца да трывіяльнага пытаньня: ну калі вы ўжо яго скінеце? Беларусы — вялікія халяўшчыкі. <...> Па-трэцяе... няма сэнсу да яе зьвяртацца пры вырашэньні самых простых, бытавых праблем. <...> Таму рацыянальныя беларусы прагматычна разважаюць: апазыцыянэры — прыемныя людзі, але які сэнс іх падтрымліваць? <...> Па-чацьвёртае... Праект нацыяналізму [sic! — V.S.] , прапанаваны Лукашэнкам (нацыя спажыўцоў без глыбокіх каранёў), быў для іх бліжэйшы. <...> Па-пятае... той палітык ці палітычныя сілы, якія дакажуць здольнасьць выбіваць з Масквы ільготы, будуць падтрыманыя беларусамі. Пакуль ніхто з апазыцыянэраў не растлумачыў, якім чынам ён будзе лепш за Лукашэнку атрымліваць ад Расеі халяўныя рэсурсы...“

        Выснова Vašaha Suziralnika: Тыя ў Беларусі, хто шчыра і аддана падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі, а незадаволеныя бываюць толькі ягонай (ня)здольнасьцю заўсёды тую палітыку пасьпяхова рэалізоўваць(!) — яны, напэўна, не падтрымліваюць апазыцыю... Вось, дзякуй, сп. Валер, навялі на карысную выснову! Рытарычнае пытаньне: ці трэба было сп. Карбалевічу дзеля такога „адкрыцьця“ пісаць квазі-аналітычны артыкул? — Або, што ён хоча сказаць: ці нам сапраўды патрэбная-бы была палітычная сіла, здольная зьдзяйсьняць лукашэнкаўскую палітыку яшчэ больш эфэктыўна за Лукашэнку? Дык тады, чаму ня скажа, не абгрунтуе?.. :) — Але Vaš Suziralnik мяркуе, што наступнага сапраўды важнага пункту бракуе ў Карбалевіча ў канцоўцы: не зазначана, што сёньня даўно не 1994 год і падлік тых працэнтаў у афіцыйных выніках галасаваньняў даўно не такі, як тады. Цяпер 2012 год і Лукашэнка ўжо надзейна забясьпечыў сабе здольнасьць заставацца ва ўладзе безь ніякай далейшай сувязі зь любымі ваганьнямі сапраўдных працэнтаў настрояў сярод насельніцтва ці то за, ці то супраць. Аднак калі ўвесь % падтрымкі Лукашэнкі ў грамадзтве азначае падтрымку або выключна пасыўную, або „па доўгу службы“ — любыя зьмены могуць адбыцца толькі з увагі не на простую велічыню адсоткаў сымпатыяў сярод народанасельніцтва агулам, а толькі на тое, наколькі невыносным станецца „статус-кво“ для тых, хто супраць, і на як шмат гатовая будзе ўрэшце пайсьці дзеля зьменаў актыўная незадаволеная меншасьць.

Зчужэлы горад

Калісьці Vaš Suziralnik зьмясьціў тут нарыс з нагоды зьнішчэньня парку ў цэнтры Менску (Кашары — парк „50-годзьдзя Кастрычніка“), дзе былі такія словы: „Калі-ж безь нікага руху ў прасторы зьнішчана ўласна тое, у чым меркавалася-бы заставацца — то-й самае пытаньне аб „заставацца ў Менску“ траціць зьмест. Як у Дубаўца ў 1990, так і цяпер — ня ў тым справа, што Менск зьмяняецца, а ў тым, што жыцьцёвае асяродзьдзе стаецца ў ім для чалавека штораз чужэйшым“. — Цяпер, у „Нашай Ніве“ добры нарыс Сяргей Ваганава, які сканчаецца гэтак: „Не, мой любімы горад, прабач. Прабач за тое, што ты стаўся такі нялюбы...“
Як, на маю думку, павінны быў быць захаваны, або быць адноўлены, гістарычны цэнтр Менску: такі цэнтар, знаходзіцца ў якім было-бы прыемна, вуліцы, на якія хацелася-бы зноў вяртацца, — такога Менску, жыцьцём ў якім можна было-бы нават ганарыцца. [Воз з канём не абавязковы :)]

Mnsk60-jaXIX-25
(Менск у 1860-х. З кн.: Ястраб Ф.А. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: Фотаальбом. Мн., 2008.)


Крыху іншы ракурс, але тое самае месца:
Mnsk60-jaXIX-smlMnsk-XIX



P.S.:




У сувязі з апошнімі дыскусіямі пра Каліноўскага ды агулам распаўсюджаньнем у беларускіх колах усяе гэтае моды на рэвізыянізм беларускасьці, ці то „ліцьвінскага“, ці то „заходнерускага“ ўхілу: дэмаралізацыя сярод беларусаў прывяла ўжо да таго, што многія пачынаюць думаць, што бракуе ім самай рацыі, тады як насамрэч бракуе беларусам — сілы. Сваёй сілы, каб любую найсапраўднейшую сваю рацыю перад чужой сілай магчы абараніць. Бо-ж беларускую нацыянальную справу ейныя ворагі перасьледвалі, падаўлялі і падаўляюць зусім не таму, што, нібыта, ёй у чымсьці сапраўды бракуе нейкае аб'ектыўнае рацыі, правамоцнасьці і гд.: але таму, што (1) яна ў чымсьці невыгодная для іхніх інтарэсаў, і (2) яна ня мае дастаткова сілы, каб абараніцца. — Аднак відаць, што многія нашы людзі зыходзяць з таго, што, неяк чароўна і само сабой, абаязкова „дабро заўсёды перамагае зло“, ды што мець рацыю і маральную перавагу — дастаткова для перамогі, бо таму, хто мае слушнасьць, нібыта неяк абавязкова „Бог дапаможа“. Ды адпаведна, што, калі вас перамаглі — вам, вашай справе, мусіць быць, неяк, у нечым, бракавала рацыі (!)... Ды, з гэтага зыходзячы, зоймемся рэвізыяй, пошукам таго, у чым жа то нам тае рацыі бракавала... — Што за інфантылізм, спадарства. Проста як малыя дзеці!
„24 студзеня, акурат на Сьвяты вечар, загарэўся Нясьвіскі замак. Пажар пачаўся каля 19-й. <...> Лякалізаваць пажар удалося толькі а 21-й, а канчаткова загасіць — каля другой гадзіны ночы. <...> Вежа цяпер стаіць зусім бяз даху, моцна пацярпела ляпніна XVIIІ ст. Карціны ў самім замку (у тым ліку і ўнікальная расьпісаная столь памерам 15 на 18 м) засталіся цэлымі — адно што закурэлі... [гл. стан столяў і паркетаў на здымках, V.S.]. <...> Нашкодзіў замку ня толькі пажар, але й ягоная ліквідацыя. Супрацоўнікі МНС працягвалі заліваць будынак вадой нават калі агонь згас, каб не засталося дзе схаваных агмянёў. Вільгаць можа зашкодзіць фрэскам на столі й паркетнай падлозе. Апрача таго, драўляныя перакрыцьці набрынялі амаль трыма тонамі вады, ад чаго існуе пагроза абвалу...“ пісала 27.12.2002 „Наша Ніва“ („Пажар у Нясьвіжы“). — „Состояние Несвижского замка изучат после праздников“, — паведамляла 30.12.2002 агенцтва „Союз-Инфо“, — „В ходе исследования будет применена уникальная лаборатория российского производства, которая была куплена белорусским МЧС в прошлом году, но пока так и не была использована. <...> Необходимость в проведении такого исследования объясняется тем, что после пожара в здании образовалось множество трещин, которые в результате тушения заполнены водой, которая замерзла. Основные проблемы возникнут весной, когда лед начнет таять“. — „Наступствы пажару могуць разбурыць Нясьвіскі замак“, — папярэджвала 26.12.2002 „Хартыя“, — „Значны ўрон забудове нанесла вада, якой тушылі полымя. Сапсаваная паркетная падлога XVII-XVIII стагодзьдзяў, фрэскі на столі, а таксама адзіная карціна XVIII стагодзьдзя у сутарэньнях замку. Застаецца пагроза абвалу перакрыцьця, якія пры тушэньні пажару ўвабралі ў сябе больш за тры тоны вады.<...> У супрацоўнікаў правахоўчых органаў Беларусі засталася адна вэрсія ўзьнікненьня пажару – нядбайнае стаўленьне да працы сьлесароў і незахаваньне імі правілаў пажарнай бясьпекі. Асобы слесараў, якія працавалі паяльнай лямпай пры абагрэве ацяпляльнай сыстэмы замку ўстаноўленыя, ім будзе прад’яўлены зыск“ [„...ім будзе прад’яўлены зыск“?!.. — V.S.].
         Пад кат'ам — 5 фотаздымкаў (Анатоля Клешчука?) з тагачаснага рэпартажу на „Радыё Свабодзе“ Галіны Абакунчык пад наз. „Нясьвіж — ахвяра нядбайнасьці“ (на www цяпер недаступны).


Пажар у Нясьвіскам замку =>>Collapse )



Chodzka-Rus-Biala1Часам яшчэ даводзіцца чуць ці чытаць дыскусіі, якая-ж павінна быць наша „сапраўдная беларуская“ Пагоня: ці з хвастом долу ці ўсё-ж угару, з такім шлемам ці іншым, з такім шчытом ці крыжом ці іншым. Ці зь пяром на шлеме мае быць „сапраўдная наша“, беларуская, Пагоня, ці то безь пяра... Прапаноўваліся нават „дзьвюхгаловыя“ варыянты — Пагоня, зьвернутая з аднаго тулава на правіцу і на лявіцу адначасова: відавочна, галоўная перавага гэткага варыяту ёсьць тая, што дазваляе абыйсьці згаданае вышэй надта кантравэрсійнае пытаньне хваста. Мабыць не стае толькі кэнтаўраў, дзеля поўнага „сінтэзу“ :) — Ды аказваецца, ёсьць яшчэ наступны адказ з паловы ХІХ ст., ад эмігрантаў-паўстанцаў 1831 г.: у Беларусі — „падвойная“ Пагоня! :) А што. У Беларусі ж ўсё падвойнае: дзьве асноўныя рэлігіі, сьвяткуюцца 2 Раствы і 2 Вялікадні, 2 сымболікі, „Мінск“ і „Менск“ (і гд.), два правапісы, у аднім зь якіх два альфабэты... Чаму й сапраўды-беларускай Пагоні бы не падваяцца?.. :) Voi-la. З чым усіх нас на Новы Год і віншую :)—


Выгляд у агульным малюнку рэчаў —

Chodzka-Rus-Biala2



Трэба падзякаваць каналу СТВ за ўвагу да публікацыяў у супольнасьці „minsk1067“, бо нашыя там на гэтую тэму допісы,
1) Найстарэйшая школа Менску: папраўка на 200 гадоў, ад 2011-09-06;
2) Зьвесткі пра менскую СШ №4 і менскую гімназію (1803 г.): абнаўленьні, ад 2012-09-17.
— як вынікае з аналізу зьместу, відавочна паслужылі натхненьнем для відыё-сюжэта ў „Минск и минчане“ 14 лістапада 2012 г..
Што-ж, аўтар задаволены: як кажуць, ідэі — у масы!
:)

Пра канец сьвету :)

З пачутага калісьці ад с. п. Віталя Сіліцкага

Напярэдадні канцу сьвету Бог сабраў валадароў народаў і абвясьціў:
— Кіраўнікі дзяржаваў! Грахамі чалавецтва чаша Майго цярпеньня нарэшце перапоўнілася. Я вырашыў, што прысьпеў час зачыніць гэты праект, таму пасьлязаўтра усё чалавецтва чакае канец сьвету і Страшны Суд, жывых і памерлых: дык ідзіце і абвяшчайце гэта ўсім народам.
...Выступаючы па амэрыканскім тэлебачаньні, прэзыдэнт Абама заявіў:
— Мае дарагія суайчыньнікі-амэрыканцы! Сёньня я маю абвясьціць вам дзьве навіны: адна добрая, другая кепская. Добрая навіна ёсьць тая, што Пан Бог сапраўды існуе! А кепская — што ўжо пасьлязаўтра канец сьвету...
...Выступаючы па расейскім тэлебачаньні, прэзыдэнт Пуцін сказаў:
— Дарагія расіяне! Я павінны абвясьціць вам дзьве вельмі кепскія навіны. Па-першае, аказалася, што Бог сапраўды існуе — і значыць, усім нам... сапраўды(!) прыйдзецца адказваць... за ўсё... — А па-другое, пасьлязаўтра канец сьвету, і значыць, расійскаму народу ні палучкі, ні пеньсіі ў гэтым жыцці выплочвацца больш ня будзе. Я ўжо даў адпаведнае даручэньне.
...Выступаючы па БТ, А. Р. Лукашэнка сказаў:
— Здраўствуйце!! Я очэнь рад саабшчыць вам, всяму народу Беларусі, ваабшчэ всяму міру, дзьве атлічные, замячацельные новасці!.. — Па-першае, Сам Гасподзь Бог прызнаў мяне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь! Па-другое — цяпер я дакладна застануся вашым прэзідэнтам да самага канца сьвету!!..
70 гадоў таму (8 сьнежня 1942) адбылася прам'ера фільму „Hab' mich lieb!“ („Кахай мяне!“) — ці не найлепшай з чорна-белых рамантычных музычных камэдыяў з Марыкай Рёкк: фільм, поўны гумару, шарму, жыцьцяраднасьці, музыкі, танцаў... Фільм, які карысна глядзець, калі вам сумна. Бо ён не выпадкова такі: створаны на замову міністэрства прапаганды нацысцкай Нямеччыны, ён быў створаны для людзей, якім пакрысе рабілася ўсё толькі больш сумна, жалобна і страшна. У ім ёсьць альпійскія краявіды, каханьне, тэатр, шмат чаго: але ні наймалейшага намёку на вайну. А што ж адбывалася звонку кінатэатру? — У гэты момант, штодня ад Арктыкі да Паўночнай Афрыкі, ад Волгі да Атлянтыкі, тысячы і дзясяткі тысячаў гінулі або ставаліся калекамі. Акурат калі адбылася прам'ера, у сьнежні 1942, пад Сталінградам памірала ў атачэньні 6-я армія Паўлюса. Дастаўкі ежы і амуніцыі ўжо амаль перарваліся, эвакуацыя раненых і хворых — адзінкі, становішча больш як 100 тысяч немцаў у Сталінградзе з кожным днём усё больш безнадзейнае. На наступным тыдні, 13 сьнежня, танкавая армія фон Манштэйна зробіць апошнюю спробу прарыву, ды адступіць з паразай. З узятых пад Сталінградам у палон 110000, у палоне знайшлі сьмерць 94,5% (вярнуліся 6000). Нялепшыя навіны з Паўночнай Афрыкі: корпус Роммэля адно адступае, да сваёй хуткай ужо канчатковай паразы перад сіламі англа-амэрыканцаў. А ў самой Нямеччыне напрацягу 1942 г. ўсё больш гарадоў ператвораныя ў руіны: у выкананьне стратэгіі заходніх саюзьнікаў па „абяздомліваньню“ (dehousing) нямецкай працоўнай сілы, у сакавіку брытанска-амэрыканскай авіяцыяй выпалены ўшчэнт Любэк, у ноч 30-31 траўня 1942 на Кёльн зкінулі бомбы 1047 стратэгічных бамбавікоў, ператвараючы яго ў непрыдатныя для жыцьця руіны, 26 чэрвеня зруйнавана і выпалена большая частка Брэмэну... Калі фронт патрабуе танкаў, самалётаў, снарадаў, бэнзіну — здавалася-бы, навошта выдаткоўваць гэткія рэсурсы на кіно? Але нацысцкае кіраўніцтва меркавала іначай. Міністэрства Гёббэльса нават прыцягвала для стварэньня фільмаў жаўнераў Ваффэн-СС і Вэрмахту, а напрыканцы ў 1945 Гёббэльс сьцьвярджаў, што ўдзел войскаў у фільме („Кольбэрг“) будзе нават важнейшым, чым ім быць на фронце! — Бо Міністэрства Прапаганды стварала на экране зусім іншы сьвет: каб ад Арктыкі да Паўднёвай Афрыкі, ад Волгі да Атлянтыкі нямецкія жаўнеры маглі глядзець і думаць — вось такая яна, прыгожая Нямеччына, куды яны вернуцца пасьля перамогі. І каб „абяздомленыя“ цывільныя маглі глядзець і думаць: хоць у нас навокал руіны, але ўвогуле, абстрагуючыся ад тымчасовых абставінаў, у вялікім малюнку рэчаў, Нямеччына — такая: дзе музыка, танцы, гумар, увогуле працягваецца прыгожае жыцьцё — мы бачым яе вось на экране... „Irgendwo, irgendwie, irgendwann...“. А значыць, не заважаць на руіны і трупы, ёсьць за што змагацца, кожны мае свой абавязак для выкананьня, „wir werden weiter marschieren, wenn alles in Scherben fällt...“ і г.д. — Амаль што нікога з тых, каму 70 гадоў таму Райхсміністэрствам Прапаганды прызначаўся гэты фільм, ужо няма сярод жывых. Вайна даўно скончылася, а нямецкія фільмы зь-перад 1945 засталіся нібы „самі па сабе“. Або, як сваеасаблівы помнік свайго часу. Калі не паддавацца намеру Гёббельса ды Райхсміністэрства Прапаганды, гэтую музычную камэдыю можна глядзець, як сваеасаблівы гатунак „нямога кіно": ён адметны гукам выбухаў, сырэнаў трывогі, стрэлаў, стогну параненых, шматмільённым хорам плачу блізкіх над забітымі або па атрыманьні „пахаронкі“ — якіх мы ў ім НЕ пачуем за кадрам. Але, найперш, гэта проста цудоўны фільм. Створаны падчас вайны, каб разганяць жалобу і смутак — сваёй мэты ён дасягае і сёньня з усёй вайсковай дакладнасьцю і сілаю колішняга ІІІ Рэйху.

„Hab' mich lieb!“ (Частка 1)




А тымчасам, навокал...

У Беларусі, „савецкі народ“ (калёнізатар, нават калі страціў мэтраполію) і нацыянальныя-беларусы (гістарычныя аўтахтоны) прэтэндуюць на адну тэрыторыю, на рэсурсы аднае краіны. Калі кампраміс немагчымы, і калі „канчатковая перамога“ не выглядае практычна магчымай (у цяперашніх гістарычных абставінах) ні для якога з бакоў, — рашэньнем магла-бы быць „дэлімітацыя“: калі-бы вынайсьці яе мадэль. — Пэўна, гэты падыход мае падабенства да варыянту „гэтта“ ці „рэзэрвацыі“, аднак ёсьць варыянтам, прынамсі, больш пачэсным :) — вылучыць беларусам у Беларусі рэальную сацыяльную „жыцьцёвую прастору“ для „асобнага разьвіцьця“. А ня толькі варыянт „унутранай эміграцыі“. — Што праўда, пры такой „узаемаспалучанай“ сыстэме, г.зн. падлучанай да чалавечых і ўсіх іншых рэсурсаў аднае краіны, „савецкія“ небезпадстаўна пабачаць у любым умацаваньні, кансалідацыі, у кожным посьпеху нацыянальна-беларусаў — аўтаматычна адноснае паслабленьне сваіх пазыцыяў, патэнцыйную пагрозу ў Беларусі для сябе (што і адбываецца). Вынайсьці такую мадэль „дэлімітацыі“ паміж гэтымі супольнасьцямі, якая-бы максімальна абмяжоўвала іх натуральную канкурэнцыю (— і працяг матываванай ёю агрэсіі) падаецца надзвычай складана. — Але-ж нам „абы не было вайны“, праўда? :) — Дык як бы беларусам у Беларусі „разьехацца“ з савецкімі... „палюбоўна“?.. :)
Арганізацыяй „Transparency International“ апублікаваны „Індэкс адчуваньня карумпаванасьці“ (Corruption Perception Index) за 2012 год. Беларусь узьнялася за год ажно на 20 месцаў (праўда, пры пэўнай зьмене мэталалёгіі). Дык, — калі хтосьці не заўважыў, — перамога над карупцыяй крочыць па Беларусі шпаркімі тэмпамі! Беларусь цяпер жыве і куруецца нашмат больш сумленна, чым год таму: такое, як вынікае, ёсьць „адчуваньне“ рэспандэнтаў. Хто ў нас там старшыня камісіі па барацьбе з карупцыяй? :) — Незразумела, ці рабіла „Transparency International“ ў выпадку Беларусі папраўку на фактар  наіўнасьці :) а таксама, на фактар няшчарасьці з прычыны страху — у адказах беларускіх рэспандэнтаў аб „адчуваньні карумпаванасьці“? А калі не было прычынаў для раптоўнага расчараваньня рэспандэнтаў аб сумленнасьці ў іншых 20 краінах, або прычынаў выбуху беларускай наіўнасьці напрацягу мінулага году, ды не назіралася прычынаў і для заняпаду карумпаванасьці ў РБ, то ці ня ёсьць гэты вынік паказчыкам пэўнага падвышэньня няшчырасьці саміх беларускіх рэспандэнтаў, спрычыненай, імаверна, імклівым ростам страху перад, уласна, сваімі карумпаванымі „гаспадарамі жыцьця“?..

TrInt
Падаецца відавочным, што „пэрыядам Лукашэнкі“ Беларусь ганарыцца ніяк і ніколі ня зможа, ды таксама, што „пэрыяд Лукашэнкі“ ня можа быць бясконцым. — Пад пытаньнем застаецца толькі тое, ці Беларусь зможа ганарыцца прынамсі тым, як „пэрыяд Лукашэнкі“ скончыцца?
„Он был деятелем при Белорусской оккупации, издавал приказы о мобилизации населения для изгнания большевиков из Белоруссии…“ — Пра невядомыя раней эпізоды Слуцкага паўстання — Ніна Стужынская ў „Нашай Ніве“.
«...Сучасная Беларусь — гэта цалкам прадукт эпохі сталінізму, савецкай рэспублікі і наўмыснага зьнішчэньня нацыянальнай мовы і культуры ў часы СССР. Міжнародны ізгой Лукашэнка ж і ёсць прадуктам таго мінулага, гэта савецкі чалавек дазваньня.» — Цікавае інтэрв'ю, пад назовам „У Беларусі жыцьцё — гэта змаганьне“, з прафэсарам гісторыі Ўнівэрсітэта Альбэрты (Канада) Дэвідам Марплзам, аўтарам некалькіх англамоўных кніг пра найноўшую гісторыю Беларусі, у „Нашай Ніве“. —

Vaš Suziralnik тут з праф. Марплзам не даканца згодны. — Vaš Suziralnik канешне занадта малады, каб памятаць сталінскія часы. Аднак падаецца відавочны, што сучасная Беларусь паходзіць ня неяк наўпрост з эпохі перад 1953 годам: а ўжо-ж позьне-савецкія часы БССР памятаю дастаткова добра. Гэта ня ёсьць верны гістарычны працяг савецкага, а нейкі пірацкі "новадзел", прычым надзвычай вульгарная рэдакцыя. І падаецца, што ў той меры, у якой сучасная Беларусь цяпер ператворана на ўзор свайго самаўладнага кіраўніка — гэта дзяржава ня толькі не эўрапэйская і не нацыянальна-беларуская, але ўжо нават і не сапраўды-савецкая: настолькі, наколькі за 18 гадоў яна ўспрыняла ўзор ягонае асобы — яна ператворана ў нейкую проста- „хамскую дзяржаву“, неяк так.
Brezn1
Сьмерць Брэжнева cкіравала мяне на шлях антысаветчыны і буржуазнага нацыяналізму! :) —

         Зраніцы ў пятніцу 12 лістапада пасьля першага ўроку клясная настаўніца вярнулася ў клясу са спазьненьнем ня менш 15 хв.: вярнулася з нажніцамі, кавалкам чорнай паперы і фляконам сілікатнага клею. Яна стала перад клясам і, пасьля кароткай паўзы, з лёгкім дрыгатам голасу, абвясьціла, што раптоўна і заўчасна абарвалася жыццё „выдатнага дзеяча Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, міжнароднага камуністычнага руху, Генеральнага сакратара Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, Старшыні Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР, чатыражды Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы Леаніда Ільіча Брэжнева“.
         У кожным клясе ў нас былі тэлевізары, па якіх пусьцілі трансляцыю жалобнай перадачы ўсесаюзнага тэлебачаньня: у СССР быў абвешчаны траур.

Brezn2
        Зьняўшы партрэт Брэжнева са сьцяны (партрэты дзейснага „генсека“ КПСС і Леніна віселі леваруч і праваруч тэлевізара над школьнай дошкай), яна паставіла яго на стол перад дошкай, зьвярнуўшы тварам да кляса, а сама стала побач, адразаючы нажніцамі даўгія кавалкі чорнай паперы ды наклейваючы іх на партрэт, як чорную жалобную рамку. Сьлёзы раз-пораз кроплямі падалі ў яе з вачэй. І вось, яна гэтак рэзала і клеіла рамку з чорнай паперы, раз-пораз выціраючы сьлёзы... А мы, вучні, сядзелі моўчкі. З тэлевізара гучала жалобная музыка. Неўзабаве некаторыя дзяўчаты на задніх партах ціха, але нястрымна рыдалі, але ні настаўніца, ні хто іншы ня думаў іх супакойваць: захоўваючы на сваіх месцах годны, жалобны, суворы спакой. — „Камуністычная партыя Савецкага Саюза, увесь савецкі народ панесьлі цяжкую ўтрату. Абарвалася жыццё выдатнага дзеяча Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, міжнароднага камуністычнага руху, буйнога тэарэтыка і таленавітага арганізатара ... Вернага прадаўжальніка вялікай справы Леніна, палымянага патрыёта, выдатнага рэвалюцыянера і змагара за мір, за камунізм, буйнейшага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча сучаснасьці!..“
         Скончыўшы аклейку партрэта, настаўніца стала распавядаць біяграфію „вернага прадаўжальніка вялікай справы Леніна, палымянага патрыёта, выдатнага рэвалюцыянера і змагара за мір, за камунізм, буйнейшага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча сучаснасьці Леаніда Ільіча Брэжнева“, пералічваць усе заслугі, ваенныя подзьвігі і дзяржаўныя ўзнагароды „...чатыражды Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы... “
        Потым настаўнікі павялі вучняў у школьную Актавую залю, дзе прамаўляла дырэктарка і яшчэ хтосьці, побач партрэта з жалобнай чорнай стужкай. — „...Чатыражды Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы... Усё яго вялікае, яркае жыццё было без астатку аддадзена вялікай справе Кастрычніка, партыі Леніна, інтарэсам працоўнага народа, будаўніцтву камунізму!..“ — Нарэшце, з агульнай палёгкаю, дзяцей адпусьцілі дахаты, з навіною: заняткаў і ў панядзелак 15-га ня будзе! Пэрспэктыва скасаваньня ўсіх забаўляльных перадачаў на выходныя — шчыра сказаць, не спадабалася. Але ў панядзелак 15-га сумленна глядзеў трансляцыю дзяржаўных паховінаў ад пачатку да канца.
         Юны Vaš Suziralnik, канешне, памятаў сьмерць і пахаваньне Машэрава за пару гадоў перад тым. Аднак, пасьля гэткага дня ў школе, пры абвяшчэньні агульнасаюзнага трауру на 3 дні, адчувалася, што тут адбылася падзея іншага маштабу. Ды гэта-ж была першая ў СССР сьмерць дзейснага „генсека“ ад 1953 году - ад самога Сталіна. Дык вось, пад моцным уражаньнем усяго пачутага, расчулены „цяжкой утратай“, сьпяшаўся дахаты, каб падзяліцца навіною. А на шляху са школы абдумваў, як тое трэба будзе сказаць, пракручваючы ў памяці ды ціха паўтараючы сабе пачутае зраніцы ў школе. Зайшоўшы дахаты — бачу, бабуля глядзіць тэлевізар. —
         — Бабуля!.. Ці ты чула?!.. Заўчасна, трагічна, 10 лістапада 1982 г. на семдзесят шостым годзе жыцця раптоўна памёр Генеральны сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, Старшыня Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР, чатыражды Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы... Леанід Ільіч Брэжнеў!...
         Мая бабуля, аднак, далей гледзячы ў тэлевізар, вытрымаўшы кароткую паўзу, адказала цьвёрда і каротка толькі наступнае:
         — ДАЎНО ПАРА.
         ...І тут вось штосьці нібы надламілася ў маёй дзяцячай душы :) Нічога бабулі адказаць ня мог, ня меў, зусім нічога... — Але як жа гэта... Каго слухаць, каму верыць?! Бо аднаго боку, у школу я хадзіў, каб вучыцца — і ніколі (датуль) нават не падумаў крытычна ўспрымаць тое, што там кажуць настаўнікі. А тым больш тое, што чую па савецкім тэлебачаньні і радыё. Але з другога боку, бабуля была чалавекам, які ад раньняга дзяцінства праводзіў са мною, з усіх дарослых, ці не найбольш часу, займаўся маім выхаваньнем... Дык канешне, калі раптам паўстала супярэчнасьць, стаўленьне да справы бабулі пераважала ўсё пачутае разам, ці то ў школе, ці то на тэлебачаньні. — Бабуля болей ніяк не выказвалася, а я не запытваўся, але ў маёй галаве адбылося галоўнае: ад моманту тае кароткае размовы зьявілся ўсьведамленьне, што сярод дарослых, якія маюць для мяне аўтарытэт, можа быць больш чым адзін погляд нават на такую буйную, дзяржаўную, „усенародную“, палітычную, „гістарычную“ падзею. Ды-й больш таго: што пачутае з „афіцыйных крыніцаў“ і ад настаўнікаў — нават зусім не абавязкова заўсёды будзе слушным. Гэтак, мая цікавасьць да альтэрнатыўных поглядаў на падзеі палітычнага жыцьця і гісторыі была разбуджана ў дзень абвяшчэньня сьмерці Брэжнева.
          З таго моманту, я ніколі больш не ўспрымаў ніякую афіцыйную інфармацыю як аксіёму. У наступным годзе ў хаце зьявіўся радыёпрыймач, здольны лавіць „галасы“ на кароткіх хвалях 16 і 19 мэтраў, якія звычайна, прынамсі ў БССР, не глушыліся (бо прыймачы савецкай вытворчасьці таго часу гэтых дыяпазонаў ня мелі, акрамя вырабленых на экспарт). Мая цікаваць адразу знайшла выдатную крыніцу задавальненьня. Першай расейскамоўнай станцыяй, якую я злавіў, была „Нямецкая хваля“, першай беларускай — „Радыё Ватыкана“.
         Неўзабаве маю надзвычайную палітычную абазнанасьць заўважыла клясная кіраўнічка і ... прызначыла мяне палітінфарматарам! :) Канешне, мае палітінфармацыі былі вельмі насычаныя ўсялякімі цікавымі акалічнасьцямі і падрабязнасьцямі, якія фактычна спакваля, напрыканцы, дыскрэдытавалі афіцыйную савецкую ацэнку, дэкляраваную напачатку :) Няраз, — да пэўнай заклапочанасьці бацькоў, — клясная кіраўнічка хваліла мяне на бацькоўскіх сходах: што, маўляў, я рабіў выдатныя, цікавыя палітінфармацыі, дзе заўсёды распавядаў усялякія такія падрабязнасьці, аб якіх і яна сама не чытала ды ня чула ў нашых савецкіх СМІ. — Напэўна яна заставалася ў перакананьні, што ўсе тыя цікавыя рэчы я пераказваў з газэты „За Рубежом“ (савецкі дайджэст замежнай прэсы): проста, што я чытаў тую „За Рубежом“ неяк надзвычай уважліва :) Канешне, нават юнаком я разумеў, што радок „гэты камэнтар адлюстроўвае пазыцыю ўраду Злучаных Штатаў“ ( - Голас Амэрыкі) на школьнай палітінфармацыі агучваць, мабыць, няварта :)
         Цікавасьць да поглядаў, альтэрнатыўных афіцыйнаму савецкаму, вяла да назапашаньня ведаў пра факты, якія, у спалучэньні з назіраньнямі рэаліяў жыцьця навокал, пакрысе непазьбежна фармавалі зь мяне падлетка-антысаветчыка; ды гэта-ж неўзабаве абудзіла і цікавасьць да „забароненай“ беларускай гісторыі, заахвоціла даведацца аб несавецкай, а тым больш антысавецкай беларускасьці, аб БНР і „нацдэмах“, беларускім руху падчас вайны (аб чым тады, па-за вузкім колам „пасьвячаных“, бадай што не існавала зусім ніякіх крыніцаў, акрамя кароткіх, кепска чуваных перадачаў беларускай „Радыё Свабоды“), ды потым прывяло да знаёмства, — напачатку вонкавага, — з раньнім беларускім адраджэнскім рухам і, урэшце, да арганічнай сынтэзы для сябе антысавецкасьці (якая, са згаданай прычыны, напачатку крочыла ў мяне далёка наперадзе) зь беларускасьцю... Аднак дзеля ўсяго, што было потым, пунктам адліку сталася менавіта гэтая дата 30 гадоў таму: сьмерць Брэжнева.

Відыё-кроніка пахаваньня Брэжнева.




Сьмерць і пахаваньне Брэжнева на старонках ЛіМ: нек. лісты беларускай інтэлігенцыі =>>Collapse )


29 кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет пад старшынёўствам С. Шушкевіча, абраны яшчэ пры СССР, адхіліў прапанову правядзеньня рэфэрэндуму аб датэрміновых парляманцкіх выбарах у Беларусі, за якую было сабрана больш як 446 тысячы подпісаў. З таго моманту 20 год таму пачаўся ланцуг падзеяў, што прывёў Беларусь у яе сёньняшні стан. — Пэўна, што гэта быў яшчэ ня дзень, калі ў Беларусі дэмакратыя сканала, а беларускасьць аказалася збэшчанай і задушанай: аднак дзень, калі ўпершыню відочна занядужыла, ад якога ўрэшце беларускасьць і дэмакратыя ў Беларусі ўжо ніколі не ўзьняліся. Дзеля ўшанаваньня тае лёсавызначальнае сумнае даты, Vaš Suziralnik цяпер паўтарае допіс, зьмешчаны 29 кастрычніка 2010 году, з дадаткам новаапублікаваных падрабязных нарысаў-успамінаў удзельніка тых падзеяў, дэпутата і сябры фракцыі БНФ у ВС Сяргея Навумчыка. —

Многія цяпер мяркуюць, што пунктам, зь якога справы ў Беларусі пайшлі „крыва“, было нібыта абраньне А. Лукашэнкі летам 1994 году. Аднак ланцуг палітычна-фатальных падзеяў эпохі, у якой дагэтуль жывем, насамрэч пачынаецца ад іншай даты: 29 кастрычніка 1992. 

 Чорны дзень - Радыё Свабода © 2010

         „29 кастрычніка 1992 году быў страчаны шанец на дэмакратычнае разьвіцьцё краіны.
У гэты дзень Вярхоўны Савет прагаласаваў супраць правядзеньня рэфэрэндума аб новых датэрміновых выбарах. ... 
         ЦВК прызнала сапраўднасьць значна большай колькасьці подпісаў, чым патрабавалася па закону для прызначэньня рэфэрэндуму. Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч меў права і мусіў склікаць сэсію ВС, на якой павінна была быць прызначана дата рэфэрэндуму. Аднак гэта не было зроблена.
         Некаклькі месяцаў Шушкевіч, які меў неабмежаваны доступ да СМІ, займаўся (нароўні з прапагандысцкай машынай прэм”ер-міністра Кебіча) дыскрэдытацыяй ідэі рэфэрэндуму і новых выбараў. У выніку, наменклятура атрымала час для кансалідацыі. ... 29 кастрычніка адбылося галасаваньне. Супраць рэфэрэндуму прагаласавалі 210 дэпутатаў, за -- 35 (фактычна, Апазыцыя БНФ у поўным складзе). 
         Шанец фармаваньня вышэйшага заканадаўчаго воргану ва ўмовах дэмакратычных настрояў грамадзтва быў страчаны. 
         Галоўным аргумэнтам Шушкевіча супраць рэфэрэндуму і новых выбараў было -- "і з гэтым Вярхоўным Саветам можна працаваць". ... Праўда, значна пазьней у адным з інтэрвію Станіслаў Станіслававіч назваў больш празаічную прычыну сваёй пазыцыі. "Тыя наіўныя прапановы, што былі з боку БНФ -- "Вярхоўны Савет у адстаўку"... Гэтая я павінен уносіць такую прапанову? Я старшыня, і я павінен такое прапаноўваць? Дык яны мне скажуць -- "навошта ты нам такі патрэбны, мы зараз новага абярэм".
         Аднак Шушкевічу ўдалося утрымацца ў крэсьле нядоўга. Наступны 1993 год стаў ланцугом саступак старшыні ВС наменклятуры і праімпэрскім сілам. Вясной 1993-га Шушкевіч пагадзіўся ўключыць у праект Канстытуцыі разьдзел аб прэзыдэнцтве, у чэрвені правёў на пасаду старшыні антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі А. Лукашэнку, у лістападзе адмовіўся стварыць кааліцыйны ўрад, і, нарэшце, 31 снежня 1993 году падпісаў Дамову аб далучэньні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД. Пасьля гэтага ён быў ужо непатрэбны наменклатуры і адпраўлены ў адстаўку. 
          Дата 29 кастрычніка 1992 году ў календары дэмакратыі яшчэ доўга будзе абведзеная жалобнай каймой.“


Нарысы-успаміны дэпутата ВС, сябра фракцыі БНФ, Сяргея Навумчыка (Беларуская рэдакцыя „Радыё Свабода“)

1) 1992 Рэфэрэндум, які не адбыўся
2) Васіль Быкаў: Няпэўная пазыцыя — ўрэшце здрада
3) 446 061 тых, хто жадаў пераменаў
4) Рэфэрэндум-92. «Эвалюцыя» паводле Шушкевіча


...Ніхто гэта ня ставіў пад сумніў з пракон веку. — Зусім няслушным ёсьць прачытаньне, што, нібыта, пад сумніў ставіўся заўсёдны перадавы характар нашай рэспублікі! :) —

першабытная БССР

феадалізм СССР
NasaNiva-tyt
„Наша Ніва“, першая беларуская газэта з рысункамі, патрапіла ўвесну-лета 1909 году, як можна здагадвацца, у кепскае фінансавае становішча, альбо адбываліся нейкія спрэчкі выдаўцоў-рэдакцыі зь яе арыстакратычнымі спонсарамі. — На гэткую думку наводзіць назіраньне, што, пачынаючы з № 21 у траўні 1909 году, „Наша Ніва“ стала раптам штораз больш прадстаўляць свае старонкі для нейкай вельмі „левай“ (у прастамоўным сэнсе слова) расейскамоўнай рэклямы, што дасягнула свайго апагэю ў нумары 31-32 за 1909. Спачатку тая рэкляма была проста крыху дзіўная, як паказаны тут прыклад ніжэй. Потым... схавана пад кат'ам, са статусам „18+“! :) Ці-ж, на думку рэклямадаўцаў і рэдакцыі „НН“ у 1909 годзе, беларуская наша народная, адраджэнская інтэлігэнцыя сапраўды была „мэтавай аўдыторыяй“ для такой рэклямы?!.. :))
NasaNiva-Abjavy-1

Што яшчэ рэклямавала "НН" у 1909 г. =>>Collapse )

У Беларусі, „ціхой і ветлай“, як вядома, ніколі ніякіх надта драматычных прыродных зьяваў не адбываецца... У Менскім Моры не бывае трапічнага шторму... І вулканаў у Беларусі няма. Таксама не бывае (натуральных) землятрусаў — толькі як гэалягічнае рэха чагосьці здалёк... Усё слушна — амаль.

Кратэр Баррінджэр (Barringer), невялічкі з параўнаньні з Лагойскім, мае толькі 1,2 км у дыямэтры і глыбіню 175 м — вынікам удару мэтэярыту дыямэтрам усяго 50 м. Адсюль.
Бо, аднак, паводле „Полного каталога импактных структур Земли А. В. Михеевой“, тэрыторыя невялічкай Беларусі зьяўляецца, — ці то зь нейкай прычыны, ці то проста пашанцавала, — адной з найбольш шчыльна пабітых кратэрамі ад удараў астэроідаў у (родную беларускую) Зямлю.
          У сьпісе пералічаных ёсьць 5 буйных імпактных структураў у Беларусі, сьляды якіх можна выявіць яшчэ нават пасьля многіх мільёнаў гадоў, у тым ліку: Менскі кратэр (гэтыя горкі, магчыма, ня проста так), Прыпяцкі басэйн (кратэрнага паходжаньня) і Лагойскі кратэр.


„Панарама Лагойскага кратэра“ (адсюль)
        Менавіта Лагойскі зьяўляецца найбольш вывучаным. Падаецца, што сталася гэтак з тае прычыны, што гэалягічная служба БССР ў 1970-х меркавала, што выяўленая структура зьяўляецца вулканічнай, што знойдзеныя кімбэрлітавыя трубкі — ды прынялася сьвідраваць, шукаючы на Лагойшчыне дыяманты. (Гэта ня жарт.) Замест дыямантаў аднак стаўся пацьверджаны гіганцкі касьмічны кратэр, каля 17 км агульным дыямэтрам і каля 600 м агульнай глыбінёй, які пакінуў астэроід сярэдяга дыямэтру каля 650 м. Сучасным наступствам яго на паверхні застаюцца Лагойскія балоты. —
„Калі вярнуцца на 25 мільёнаў гадоў таму, то на месцы Лагойскага кратэра, зараз цалкам запоўненага і пахаванага пад старажытнымі адкладамі, мы ўбачылі б незвычайнае возера амаль правільнай акруглай формы, памерам прыкладна 12–15 км і глыбінёй 200–500 м, з усіх бакоў акружанае высокім, у 100–200 м, суцэльным валам. Яно размяшчалася на плоскай залесенай раўніне, якою была тады гэтая частка Беларусі. Цяпер жа гэтае месца амаль нічым не адрозніваецца ад астатняй часткі Лагойшчыны з характэрным для яе градава-ўзгоркавым, вельмі маляўнічым рэльефам. Толькі ў паўночнай частцы тэрыторыі кратэра, бліжэй да Плешчаніц, рэзка вылучаецца незвычайна вялікі для Лагойскага ўзвышша балотны абшар, сваім паходжаннем абавязаны Лагойскаму кратэру. Увесь гэты спакойны ландшафт зараз нічым не нагадвае аб той грандыёзнай катастрофе, якая здарылася тут каля 45 мільёнаў гадоў таму і знішчальнай для ўсяго жывога хваляй пракацілася на сотні, а магчыма, на тысячы кіламетраў па Еўрапейскаму субкантыненту.“ — Адсюль.
         ...Але што нашаму жыхарству той кратэр: пэўна, спачатку неяк нязручна, але-ж потым прызвычаіліся, дык зь цягам часу, пакрысе, зааралі, зараўнялі... засадзілі бульбай!:) — Падрабязнае апісаньне і профільны разрэз 17-кілямэтровага Лагойскага кратэру можна пабачаць тут.

         P.S.: ...Таму, калі хтосьці зноў стане наракаць, што ў Беларусі нешта бядотна, неўладкавана, няўтульна, чагосьці бракуе, ня трэба спасылацца на „вайну і немцаў“ — а лепш распавядаць пра навалу з галяктыкі, шматлікія ўдары астэроідаў, паказваць на Лагойскі кратэр! :)
         P.S.-2: Касьмічная бамбардыроўка нашай міралюбнай рэспублікі працягваецца!, — распавядае „Наша Ніва“, — і напэўна пагражае парушыць стабільнасьць! :)
         P.S.-3: Гэта не азначае, што апазыцыі будзе слушна, побач спадзяваньня на сацыяльны выбух сярод працоўных, або няшчасны выпадак з кіраўніком рэжыму, ускладаць цяпер надзеі на балід, які прыляціць з космасу і зьнясе Дразды :))


Куля для "добрага пана"

Дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы. Сэнатар (1930) міжваеннай Польскай Рэспублікі (адсюль).


Сядзібны дом Рамана Скірмунта ў маёнтку „Парэчча“ адсюль.

Сядзібны дом Рамана Скірмунта ў маёнтку „Парэчча“, тыльны фасад (з боку рэчкі).

Roman Skirmuntt 1923
Раман Скірмунт у БНР-аўскі пэрыяд: фота раней 1923 г.
Крыніца: Polesie Ilustrowane. - Pod red. inż. Nelarda. Brześć, 1923.
Сёньня 7 кастрычніка — дата забойства графа Рамана Скірмунта, 25.4.1868 - 7.10.1939. Адзін з групы польскамоўных літоўска-беларускіх „краёўцаў“, Раман Скірмун абраны ад Меншчыны дэпутатам І расейскай Думы, дзе заявіў сваю нацыянальнасьць як „беларус“, фінансава падтрымліваў выданьне „Нашай Нівы“ (адсюль). У 1917 у беларускіх дабрачынных і грамадзкіх арганізацыях, тымчасам перажыў спаленьне радавога гнязда-сядзібы сельскімі бандытамі рэвалюцыйнымі сялянамі. У 1918 — другі прам'ер ураду БНР, дзякуючы якому дзяржаўныя ворганы БНР пачалі набываць у вачох нямецкіх вайсковых уладаў выгляд сур'ёзнасьці ды, упершыню, здабываць іх увагу ды паступовае фактычнае прызнаньне, а таксама спрычыніўшыся да замацаваньня гэрбам, замест касы-грабляў-снапочка — Пагоні. Граф Раман Скірмунт, будучы, разам з княгіняй Магдаленай Радзівіл, матэрыяльным спонсарам тагачаснага беларускага культурна-палітычнага адраджэньня, быў важным жывым „злучнікам“, „зьвяном“ арганічнай пераемнасьці паміж гістарычным-шляхецкім мінулым края — і новай беларускай нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавай, якой у больш спрыяльных варунках магла-бы стаць БНР. Што праўда, з боку сацыяльна-радыкальных партыяў ва ўрадзе і Радзе БНР ён тады знайшоў шмат меней ўдзячнасьці і добрай волі, чым, відавочна, заслугоўваў: калі адносіны з фон Фалькенгайнам у Менску былі наладжаныя, яны настаялі на адхіленьні Скірмунта з пасады. Аднак і пасьля гэтага Скірмунт заставаўся на службе БНР: разам з кн. Альбрэхтам Радзівілам скіраваўся (напэўна за ўласны кошт) у Швайцарыю па афармленьне дзяржаўных пазыкаў для маладой рэспублікі ў крытычны момант. — У 1919 перад наступам Чырвонай Арміі Раман Скірмунт эвакуяваўся ў Горадню, далей у Варшаву, ды ў тагачаснай польскай палітыцы выступаў праціўнікам Рыскага падзелу Беларусі. Сэнатар (1930) міжваеннай Польскай Рэспублікі, дабрадзей мясцовых сялянаў: узор сацыяльнай адказнасьці да народжаных у менш шчасных матэрыяльна-сацыяльных абставінах (заслужыў мянушку „хлопомана“). — Раман Афтаназы (Materiały do dziejów rezydencji, t. II) нават паведамляе, што ў верасьні 1939 мясцовы люд нібыта хаваў Рамана Скірмунта ад арышту (с. 146)... Так ці йнакш, а ў кастрычніку 1939, хоць мінула ўжо пару тыдняў, як адгрымелі савеція танкі (а агульная „зачыстка“ НКУС яшчэ рыхтавалася), у „Парэччы“ невялікая група сялянаў наладзіла 71-гадоваму былому пану (ды ягонаму маладзейшаму сваяку) народную расправу: завялі ў лес ды застрэлілі. А нібыта вялі да савецкіх ворганаў у Пінск. Недавялі, значыцца, да Курапатаў... — У 2009 „Звязда“ надрукавала артыкул Глеба Лабадзенкі аб акалічнасьцях гібелі Рамана Скірмунта 7 кастрычніка 1939 ды ўспамінах аб ім мясцовага люду: „Страляйце так, я ад людзей нiколi не адварочваўся...“

Profile

suziralnik
suziralnik

Latest Month

Тра 2016
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Page Summary

Syndicate

RSS Atom
Распрацавана LiveJournal.com